Адрас:
223311, Мінская вобл.,
г.Беразіно, вул. Кастрычніцкая, 18
Тэлефон:+375 (1715) 5-58-41

 

03.06.2019 09:39

Ведай нашых! Нашы дзеці – адны з лепшых у вобласці па пажарна-выратавальным спорце

Ведай нашых! Нашы дзеці – адны з лепшых у вобласці па пажарна-выратавальным спорце

23 мая ў Барысаўскім раёне прайшлі штогадовыя абласныя спаборніцтвы сярод юнакоў і дзяўчат па пажарна-выратавальным спорце

23 каманды Мінскай вобласці змагаліся ў пераадоленні 100-мятровай паласы з перашкодамі, у спаборніцтвах па пад’еме па штурмавой лесвіцы на другі паверх вучэбнай вежы, у эстафеце на 400 метраў. Бярэзінскі раён прадстаўляла каманда з пяці юнакоў і двух дзяўчат, актывістаў клуба юных ратавальнікаў “Сірэна” Цэнтра дзіцячай творчасці. Годна адстойвалі гонар Бярэзінскага раёна Кузін Аляксандр, Кучынскі Уладзіслаў, Баркоўскі Вадзім, Казюка Аляксандр з ДУА “Сярэдняя школа №2 г.Беразіно”, Вараб’ева Паліна і Валовік Ганна з “Сярэдняй школы №3 г.Беразіно”, Марчанка Яўген з “Бярэзінскай гімназіі”.Як і чакалася, накал барацьбы быў вельмі высокі. Каманда Бярэзінскага раёна заняла надзвычай годнае, але крыху крыўднае 4-е месца. А яшчэ Уладзіслаў Кучынскі заваяваў дыплом трэцяй ступені ў асабістым заліку на этапе “Пад’ем па штурмавой лесвіцы на другі паверх вучэбнай вежы”. І гэта – сярод 115-ці юнакоў-сапернікаў! Менш за 8 секунд юнак пераадолеў дыстанцыю ў 30 метраў і па лесвіцы падняўся на вежу. Ён дзеліцца сваімі ўражаннямі:

- Я хаджу ў клуб “Сірэна” тры гады. Да спаборніцтваў па пажарна-выратавальным спорце рыхтаваўся адказна і верыў, што магу заваяваць прызавое месца. Але ж, калі пабачыў узровень падрыхтоўкі канкурэнтаў, засумняваўся… І дарма! Я вельмі рады сваёй перамозе. Уся каманда рада. Ведаеце, мы ўсю дарогу дадому абмяркоўвалі, як будзем надалей рыхтавацца, каб палепшыць свае вынікі”.

Казюка Аляксандр – шасцікласнік. Ён - самы малодшы ў камандзе і прыехаў на спаборніцтвы ўпершыню. Але ж гэта не перашкодзіла хлопцу паказаць спрыт на ўсіх спартыўных іспытаў. Вось што ён расказвае:

- А я верыў, што ў “пяцёрцы” мы быць павінны. Амаль ва ўсіх забегах члены нашай каманды праходзілі альбо першымі, альбо другімі. Сам я так хваляваўся, каб не падвесці каманду, што двойчы стаў віноўнікам фальстарту! Мяне падбадзервалі нашы трэнеры: “Бачыце, кажуць, як наш малыш стараецца!”. А я яшчэ больш пасля гэтага “рваўся ў бой!”

Паліна Вараб’ева – шчабятлівая няўрымслівая дзяўчына - на спаборніцтвах таксама ўпершыню. Вось чым падзялілася яна:

- Уражанні ад спаборніцтваў – выдатныя! Да агульнакаманднага выніку трэцяга месца мы не дацягнулі літаральна некалькі секунд. Зараз мы надзвычай матываваныя: хочацца рабіць максімум, каб быць у лідарах у наступным годзе! Наогул я вельмі нервавалася: што, калі падвяду каманду? Трэнеры нашы кажуць: вы малайцы, проста зрабіце максімум магчымага, і галоўнае – без траўм!

Віншуем нашу каманду і жадаем мэтанакіравана рухацца да сваёй мэты і заняць у наступным годзе прызавое месца. Здольнасці, жаданне і спрыт для гэтага ў дзяцей есць. Зараз мэта каманды – рэгулярныя трэніроўкі.

Бярэзінскі райаддзел па надзвычайных сітуацыях выказвае падзяку Ірыне Рыгораўне Осіпавай, педагогу дадатковай адукацыі Цэнтра дзіцячай творчасці Бярэзінскага раёна, кіраўніку клуба “Сірэна”, за годную падрыхтоўку каманды.

 Вольга Данэйка, інспектар прапаганды Бярэзінскага РАНС

18 разоў (а)