-Некалькі сезонаў адпрацаваў старшым камбайнерам у суседняй гаспадарцы - адкрытым акцыянерным таварыстве “Багушэвічы”, - расказвае малады мужчына, - адзін год памочнікам у мяне была нават жонка. Аднак зараз яна ў дэкрэтным водпуску, гадуе дзяцей у горадзе, а я на гарачы час пераехаў да бацькоў, у Брадзец.
Сяргей Мікалаевіч родам з гэтай вёскі, дзе яму здаўна вядомы ўсе ўрочышчы і палеткі. Тут дагэтуль рупіцца вадзіцелем у мясцовай гаспадарцы яго бацька. Неаднойчы ён называўся ў ліку лепшых работнікаў на жніве і сёння нязменна задае тон уборачнай кампаніі. Дзякуючы бацьку, Сяргей рана захапіўся тэхнікай і паспяхова скончыў Беларускі аграрна-тэхнічны ўніверсітэт. Праўда, юнацкаму намеру вярнуцца працаваць у родную гаспадарку не наканавана было збыцца. Пасля выканання воінскага абавязку паклікала брадзецкага хлопца суровая міліцэйская служба.
— Шчыра скажу, нават не ведаю, што лягчэй - злодзеяў лавіць і з выпівакамі змагацца ці вось так сядзець у кабіне камбайна ў чаканні сонечнага надвор’я, альбо, намалаціўшы ўсяго адзін бункер, вяртацца на машынны двор з-за дажджоў, - расказвае мужчына. – Машына напагатове, збожжа каласіцца. настрой рашучы, а неба зацягнута вялікімі шэрымі хмарамі. Таму сярод хлебаробаў пакуль няма найбольш важнай тэмы ў размовах, а як навіны надвор’я.
Сяргей Мікалаевіч у водпуску да сярэдзіны жніўня і спадзяецца, што нябесная канцылярыя змілуецца і дазволіць камбайнерам без спешкі ўбраць вырашчаны ўраджай.Пэўны хлебаробскі вопыт падказвае яму: сухое надвор’е яшчэ наступіць і дазволіць убраць шчодрую ніву да зярнятка.
- Сонечных дзён мы просім усёй камандай земляробаў, ды і нашым сямейным хлебаробскім атрадам, - зазначае Сяргей Аляксандравіч , - а ён складаецца не толькі з мяне і бацькі, але і молодшага брата. Ён у нас выратавальнік і працуе ў раённым аддзеле па надзвычайных сітуацыях. Аляксандр пайшоў па бацькавых сцежках. Шмат гадоў спраўна ў час жніва працаваў на адвозцы збожжа і сёлета ў свае выхадныя дні шчыруе на “МАЗе” ў суседняй гаспадарцы “Месціна” . Такі наш сямейны падрад аберагае людзей і нясе дабрабыт!
Мілана ТРАПЯНОК.
Фота Юліі БУКЕЛЬ.