Членамі экіпажа, які пераадолеў запаветны рубеж, сталі Юрый Канстанцінавіч Гоман і Міхаіл Мікалаевіч Салавей. У такім тандэме мужчыны працуюць ужо не першы сезон і заўсёды дасягаюць поспеху. Сёлетняе жніво пачыналі разам яшчэ з абмалоту рапсу і свірэпіцы. Да гэтага Ю.К. Гоман на сваім МТЗ-82 шчыраваў на ўнясенні арганічных угнаенняў, займаўся пасадкай кукурузы. Не прастойваў і “газік” М.М. Салаўя. Нягледзячы на тое, што аўтамабілю ўвосень будзе аж 30 гадоў, спраўна ён служыць свайму гаспадару і адгукаецца ўдзячнасцю за яго клапатлівыя рукі і надзейны догляд.
Дарэчы, М.М. Салавей і на час жніва не развітаўся са сваім “жалезным сябрам” і паспяхова спалучае абавязкі памочніка камбайнера з функцыямі вадзіцеля на адвозцы збожжа. Наколькі ўдала гэта яму ўдаецца? Ды лічыце самі: Міхаіл Мікалаевіч у рэйтэнгу занятых на жніве вадзіцеляў займае другое месца ў раёне і таксама пераадолеў тысячны рубеж. І гэта пры тым, нагадаем яшчэ раз, што ў М.М. Салаўя не магутны вялізны МАЗ, а звычайны пяцітонны ГАЗ-53.
З аўтамабіля такой жа маркі свой працоўны шлях пачынаў калісьці і другі вадзіцель ААТ “Пагосцкі” – Міхаіл Валер’евіч Маркоўскі. Гэта ўжо потым, з цягам часу, ён перасеў на МАЗ. І кожнае жніво для мужчыны – гэта не толькі магчымасць праяівць свае навыкі і ўменні, а і працоўнае свята для душы. Сёння М.В. Маркоўскі таксама ў ліку вадзіцеляў-тысячнікаў і трывала займае першы радок у ліку лідараў кампаніі.
Прозвішчы ўсіх трох названых працаўнікоў палёў не ўпершыню з’яўляюцца на старонках нашай газеты. У ліку пераможцаў раённага спаборніцтва былі яны і па выніках леташняга жніва і шэрагу папярэдніх кампаній. Відаць, у іх характарах закладзены прынцып, які штурхае іх, калі працаваць, то заўсёды з поўнай аддачай і на сумленне. А да жніва падыходзіць з больш нізкай планкай патрабавальнасці да сябе і нельга.
Анатоль ПАЛЫНСКІ
Фота аўтара
Фотакалаж Алены ГРОМАВАЙ