Адрас:
223311, Мінская вобл.,
г.Беразіно, вул. Кастрычніцкая, 18
Тэлефон:+375 (1715) 5-58-41

 

02.09.2019 12:01

Расходы на адукацыю ў 2020 годзе павялічацца ў Беларусі на 13 працэнтаў

Расходы на адукацыю ў 2020 годзе павялічацца ў Беларусі на 13 працэнтаў

Расходы на сферу адукацыі ў 2020 годзе павялічацца ў Беларусі на 13 працэнтаў і складуць Br7,3 млрд. Аб гэтым паведаміў сёння журналістам старшыня Палаты прадстаўнікоў Уладзімір Андрэйчанка на святочным мерапрыемстве, прысвечаным Дню ведаў, у Арэхаўскай сярэдняй школе імя Н.Л.Касцючэнкі Ушацкага раёна, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

У Беларусі многае робіцца для развіцця адукацыі, гэта сфера нараўне з аховай здароўя з'яўляецца адным з прыярытэтаў дзяржаўнай палітыкі. "Цяпер дэпутаты Палаты прадстаўнікоў працуюць над праектам бюджэту на 2020 год і з Br40 млрд расходнай часткі кансалідаванага бюджэту краіны амаль Br18 млрд ідзе на сацыяльную сферу. Гэта 44 працэнты. З іх Br7,3 млрд - на развіццё адукацыі. Павелічэнне да мінулага перыяду складае 13 працэнтаў", - паведаміў старшыня Палаты прадстаўнікоў.

Ён падкрэсліў, што ўвага ўдзяляецца ўстановам адукацыі, размешчаным не толькі ў сталіцы, абласных цэнтрах, але і ў меншых населеных пунктах, аграгарадках. "Мы цяпер знаходзімся ва Ушацкім раёне. Літаральна праз пару тыдняў будзем адкрываць тут пасля сур'ёзнай рэканструкцыі дзіцячы сад. Таксама будуецца школа мастацтваў", - канстатаваў Уладзімір Андрэйчанка.

Успамінаючы свой час вучобы, ён адзначыў, што сітуацыя абсалютна змянілася за мінулы час. "Калі я хадзіў у школу, у нас не было электрычнасці, вучыліся пры газавай лямпе. Не было гарачага харчавання, падвозу. Напрыклад, я кожны дзень хадзіў пяць кіламетраў у адзін бок і пяць - назад. Таму ўсё кардынальна змянілася, а самае галоўнае - у лепшы бок. Для нашых дзяцей створаны добрыя ўмовы, развіваюцца новыя тэхналогіі, будуюцца сады, школы. Далей усё залежыць ужо ад саміх дзяцей і іх бацькоў", - сказаў на заканчэнне Уладзімір Андрэйчанка.

На ўрачыстай лінейцы, віншуючы педагагічны калектыў і вучняў з новым навучальным годам, старшыня Палаты прадстаўнікоў адзначыў, што 21 год таму ён прымаў удзел у адкрыцці Арэхаўскай школы, таму сёння яму асабліва прыемна ў ёй прысутнічаць. "Школьная пара - самы шчаслівы час у жыцці кожнага чалавека, добрая памяць аб якім назаўсёды захоўваецца. Так, вучыцца нялёгка. Але памятайце, што вы вучыцеся перш за ўсё для сябе: каб узяць як мага больш ведаў, зразумець гэты складаны свет і быць карысным", - сказаў Уладзімір Андрэйчанка, звяртаючыся да вучняў. Першакласнікам ён пажадаў, каб іх доўгі шлях у навуку быў светлы, цікавы і радасны.

У бягучым годзе ў Арэхаўскай сярэдняй школе, разлічанай на 312 вучняў, будуць навучацца 117 дзяцей у адну змену. Сярэдняя напаўняльнасць класаў складае 9-11 чалавек. Бясплатным гарачым харчаваннем забяспечаны ўсе вучні. Дадатковае бясплатнае харчаванне арганізавана для дзяцей са шматдзетных, малазабяспечаных сем'яў, дзяцей-інвалідаў. У мэтах бяспекі ва ўстанове адукацыі функцыянуе сістэма кантролю доступу і сістэма відэанагляду.

У якасці выкладання тут упэўнены: вучэбны працэс забяспечваюць 20 педагогаў з вышэйшай адукацыяй. Акрамя ўрокаў для дзяцей дзейнічаюць розныя аб'яднанні па інтарэсах і факультатывы: прадметныя, спартыўнай, прафарыентацыйнай і экалагічнай накіраванасці, па творчай дзейнасці, у асяроддзі праграміравання Scratch. Матэрыяльна-тэхнічная база школы ўключае 14 вучэбных кабінетаў, у тым ліку лінгафонны і кабінет інфармацыйных тэхналогій, бібліятэчна-інфармацыйны цэнтр, спартыўная і трэнажорная залы. Павышаць свае веды школьнікі могуць у рэсурсных цэнтрах па экалогіі і энергазберажэнні, а фізічную падрыхтоўку - у спартыўным гарадку на прышкольнай тэрыторыі. Тут ёсць поле для міні-футбола, бегавыя дарожкі з цвёрдым пакрыццём, баскетбольная і валейбольная пляцоўкі. На падрыхтоўку да 2019/2020 навучальнага года школы затрачана каля Br17 тыс.

21 разоў (а)