View settings

Font size:
Site colours
Images

Settings

Обычная версия

Пачаўся вясновы пажаранебяспечны перыяд

18.03.2020

З 10 сакавіка 2020 года на тэрыторыі Бярэзінскага раёна пачаўся пажаранебяспечны перыяд.

За мінулы 2019 год падраздзяленні Бярэзінскага РАНС прыцягваліся на тушэнне пажараў у экасістэмах 39 разоў. Прычынамі ўзгаранняў з'явіліся як халатнасць кіраўнікоў арганізацый, так і няўважлівасць, а часам і свядомае парушэнне правілаў пажарнай бяспекі пры выпальванні сухой расліннасці домаўладальнікамі. У разрэзе месцаў тэрытарыяльнага ўзнікнення дадзеныя пажары размеркаваліся наступным чынам: Пагосцкі сельсавет – 8 пажараў, Каплянецкі – 7, Багушэвіцкі – 7, Дзмітравіцкі – 3, Паплаўскі - 6, Бярэзінскі – 4, г. Беразіно - 4 пажары. Названыя вясновыя палы прыводзяць да распаўсюджвання пажару ў лясы, населеныя пункты, гараць тарфянікі. Штогод дзясяткі пажараў адбываюцца толькі па гэтай прычыне, згараюць жылыя дамы, пабудовы, гінуць людзі.

Першы зарэгістраваны выпадак загарання сухой расліннасці на тэрыторыі Бярэзінскага раёна ў 2020 годзе адбыўся 16 сакавіка. У выніку спальвання жыхаркай г. Мінска галінак дрэў на сельскагаспадарчым полі ў в. Вешаўка адбылося распаўсюджванне полымя па сухой расліннасці на плошчу больш за 2 га. Стварылася рэальная пагроза распаўсюджвання агню на жылыя дамы і пабудовы. На ліквідацыю пажару сухой расліннасці былі накіраваны 4 пажарных аўтамабіля. У дачыненні да вінаватай ўзнікнення пажару пачаты адміністрацыйны працэс.

Неабходна ведаць, што ў адпаведнасці з артыкулам 15.57 Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб адміністрацыйных правапарушэннях выпальванне сухой расліннасці, траў на корані, а таксама іржышча і пажніўных рэшткаў на палях альбо непрыняцце мер па ліквідацыі палаў на зямельных участках, цягне накладанне штрафу ад 10 да 40 базавых велічынь. Правіламі пажарнай бяспекі дапускаецца кантраляванае спальванне смецця на прысядзібным участку на бяспечнай адлегласці ад будынкаў і збудаванняў, у зацішнае надвор'е, пры забеспячэнні месца гарэння сродкамі пажаратушэння і пастаяннага кантролю за працэсам гарэння.

Бацькі! Растлумачце сваім дзецям, што спальванне леташняй травы, развядзенне вогнішчаў у лесе могуць прывесці не толькі да нанясення шкоды прыроднаму асяроддзю, але і шкоды ім самім.

Настаўнікі школ! Не палічыце за працу лішні раз нагадаць сваім вучням аб той небяспецы, якую тоіць у сабе агонь.

Грамадзяне! Перш чым чыркнуць запалкай, падумайце, што сваімі дзеяннямі Вы можаце нанесці непапраўную шкоду прыродзе, сабе і сваім блізкім. Будзьце асцярожныя з агнём!

Пры пажары і надзвычайнай сітуацыі тэлефануйце 101 або 112.

Павел Федарцоў, старэйшы інжынер Бярэзінскага РАНС.

Чытаць 99 разоў