Пажары адбываюцца як пры мэтанакіраваным выпальванні сухой расліннасці грамадзянамі, так і ад вогнішчаў, пакінутых без нагляду. Самае страшнае тое, што часам траўміруюцца і гінуць людзі. Сумны выпадак ужо ёсць у гэтым годзе ў нашым раёне. 26 сакавіка ў в. Жэрамец Паплаўскага сельсавета атрымала апёкі рук і твару 78-гадовая жанчына. Яна спальвала смецце ў сябе на падворку, агонь перакінуўся на сухую траву, стаў распаўсюджвацца ў полі. Жанчына спрабавала патушыць полымя, у выніку атрымала траўмы. Дарэчы, пры падобных абставінах на мінулым тыдні ў Любанскім раёне Мінскай вобласці загінуў 70-гадовы мужчына. Двума днямі раней, 24 сакавіка, па вул.Лешніца Пагосцкага сельсавета згарэлі 4 гаспадарчыя пабудовы, гарэла трава на плошчы больш за 100 м. кв. Людзі не пацярпелі. Разглядаюцца 2 прычыны здарэння - неасцярожнасць пры курэнні і выпальванне сухой расліннасці. У гэты ж дзень у в. Прысады Бярэзінскага сельсавета ад разлёту металічнай габлюшкі пры працы «балгаркі» загарэлася сухая трава, агульная плошча гарэння склала больш за 20 м. кв. Гарэла сухая трава і ў в. Глухі Ток.
МНС нагадвае: у сухое і ветранае надвор'е адной іскры дастаткова для пажару. Беражыце сваю маёмасць і здароўе! Сухую траву неабходна скошваць, вывозіць або спальваць ў выглядзе вогнішча, строга выконваючы пры гэтым меры пажарнай бяспекі. Яны нескладаныя: адлегласць да пабудоў - не менш за 10 метраў, надвор'е - малаветранае, вогнішча - пад пастаянным наглядам, побач з вогнішчам - вядро з вадой або вогнетушыцель.
Выпальванне сухой расліннасці, траў на пні, пажніўных рэшткаў катэгарычна забароненыя заканадаўствам і цягнуць не толькі штрафы ў памеры да 40 базавых велічынь (1080 рублёў), але ў асобных выпадках і крымінальную адказнасць.
Вольга Данэйка, інспектар прапаганды Бярэзінскага РАНС.

