Некалькі разоў на тыдзень пажарныя машыны ў Бярэзінскім раёне выязджаюць на тушэнне сухой травы і смецця. А ў выхадныя дні - і па некалькі разоў за дзень, асабліва калі стаіць сухое і ветранае надвор'е. Так, за сакавік-красавік пажарныя машыны выязджалі 21 раз на тушэнне сухой расліннасці і пабудоў, падпаленых ад непатушаных вогнішчаў. Згарэлі пабудовы ў вёсках Снуя, Глінішча, а ў вёсцы Жэрамец пры спробе патушыць падпаленую траву атрымала апёкі 78-гадовая жанчына. Калі ж людзі выклікаюць МНС? У асноўным гэта адбываецца, калі яны пачынаюць разумець, што пакінутае без нагляду вогнішча прымае форму некантралюемай стыхіі і адным вядром вады тут не справішся... Калі чалавек мэтанакіравана выпальвае сухую траву каля дома і не думае пра наступствы. Калі хтосці бяздумна выкідвае з машыны непатушаны недакурак. Калі пажылы чалавек і слухаць не жадае інспектара МНС удвая маладзейшага за сябе, кажучы: «Не вам мяне вучыць! Усё жыццё так робім!». Вынік - вогненная пагроза маёмасці, стрэс, штраф…
МНС нагадвае: спаліць смецце на сваім падворку можна толькі на адлегласці не менш за 10 метраў ад дома, пры наяўнасці вядра вады побач, не адыходзячы ад вогнішча ні на хвіліну. Выбірайце зацішны дзень, месца спальвання абавязкова акапайце. Пры немагчымасці выканаць дадзеныя патрабаванні смецце трэба вывозіць, адмовіўшыся ад спальвання. Штрафы на парушэнні гэтых патрабаванняў могуць даходзіць да 30 базавых велічынь (да 810 рублёў).
Выпальваць сухую траву нельга ні пры якіх умовах! Палы сухой расліннасці знішчаюць ўрадлівы пласт і насякомых, забруджваюць атмасферу, а таксама прыводзяць да пажараў, гібелі і траўміравання людзей. Штрафы ад МНС за выпальванне сухой расліннасці, траў на пні, пажніўных рэшткаў могуць дасягаць 40 базавых велічынь( 1080 рублёў), меры спагнання могуць рушыць услед і ад інспекцыі аховы прыроднага свету, у асобных выпадках можа наступаць і крымінальная адказнасць.
Вольга Данэйка, інспектар прапаганды Бярэзінскага РАНС.

