Дазволена здабываць жывёл любога полу і ўзросту. Для здабычы лася, аленя, лані, дарослага дзіка (старэйшыя за 2 гады) неабходна выкарыстоўваць наразную паляўнічую зброю з дульнай энергіяй кулі звыш 3000 джоўль, а для здабычы казулі і маладняку дзіка (да 2-х гадоў) – наразную паляўнічую зброю з дульнай энергіяй кулі звыш 1500 джоўль. У абодвух выпадках можна таксама прымяняць гладкаствольную паляўнічую зброю з выкарыстаннем патронаў з куляй, паляўнічыя лукі і арбалеты пэўных параметраў. Пароды сабак, якім дазволена ўдзельнічаць у гэтых паляваннях, вызначаюцца па рашэнні карыстальніка паляўнiчых угоддзяў. У загонным паляванні могуць прымаць удзел асобы (не маладзей 18 гадоў), якія не з'яўляюцца паляўнічымі – у якасці загоншчыкаў. Іх прозвішчы, разам з іншымі ўдзельнікамі палявання, таксама павінны быць пазначаны на абароце паляўнічай пуцёўкі.
У мэтах бяспекі забараняецца праводзіць загоннае паляванне ў прыцемках, у тумане, у моцны снегапад, ва ўмовах дрэннай бачнасці. Паляўнічым забаронена выходзіць на сярэдзіну прасекі, дарогі або на процілеглы бок акладу, мяняцца нумарамі, самастойна выбіраць месца і сыходзіць з нумара да заканчэння загону, акрамя выпадкаў, калі паляўнічы павінен аказаць неадкладную дапамогу трапіўшай у бяду іншай асобе. Нельга страляць уздоўж стралковай лініі, за межамі свайго сектара, пасля сігналу аб заканчэнні загону.



