Адрес:

223311, Минская обл., г. Березино, ул. Октябрьская, 18

Телефон:

+375 (1715) 5-58-41

Режим работы:

понедельник-пятница с 8.00 до 17.00, обед с 13.00 до 14.00

БУЛОЙЧЫК Васілій Міхайлавіч

08.09.2017

 

 

БУЛОЙЧЫК Васілій Міхайлавіч

У рамках Года навукі рабочай групай па стварэнні Бярэзінскага раённага гісторыка-краязнаўчага музея запланавана адкрыццё выставы “На вяршынях навуковага Алімпу”, прысвечанай навукоўцам, ураджэнцам Бярэзінскага раёна. На ёй плануецца расказаць пра знакамітых людзей Бярэзіншчыны, якія дасягнулі высокіх вынікаў у навуцы, абаранілі кандыдацкія і доктарскія дысертацыі, атрымалі ганаровыя званні і займаюць адказныя пасады ў прэстыжных ВНУ нашай краіны, а таксама прадставіць экспанаты з музейнага фонду, прадметы з сямейных архіваў вядомых людзей.

Адным з першых, хто адгукнуўся прыняць удзел у выставе і прадставіць прадметы для будучай экспазіцыі, наш зямляк, ураджэнец г.Беразіно Васілій Міхайлавіч Булойчык – заслужаны дзеяч навукі Рэспублікі Беларусь, доктар тэхнічных навук, прафесар, начальнік навукова-даследчага цэнтра мадэлявання ваенных дзеянняў установы адукацыі «Ваенная акадэмія Рэспублікі Беларусь», ганаровы вучоны Ваеннай акадэміі Рэспублікі Беларусь, Нацыянальнага ўніверсітэта абароны Рэспублікі Казахстан.

Такія высокія ганаровыя званні і пасада – плён амаль 40-гадовай нястомнай навуковай і педагагічнай працы. Васіль Міхайлавіч – выдатны вучоны ў галіне тэорыі і практыкі матэматычнага мадэлявання ваенных і ваенна-тэхнічных сістэм. Яго навукова-тэарэтычныя і практычныя дасягненні шырока вядомыя і прызнаныя ў Рэспубліцы Беларусь і за яе межамі. Аўтар 231 навуковых і навукова-метадычных прац, у тым ліку 2 манаграфій, 3 падручнікаў, 16 вучэбных дапаможнікаў і інш.

В.М. Булойчык – заснавальнік і кіраўнік беларускай ваенна-навуковай школы «Сучасныя метады і сродкі матэматычнага мадэлявання ваенных дзеянняў і ваенна-тэхнічных сістэм». Дасягненні ўзначаленага ім навуковага калектыву дэманстраваліся на міжнародных выставах (Францыя, КНР, Малайзія, Казахстан, Беларусь, Расія), узнагароджваліся ганаровымі дыпломам і заслужылі высокую ацэнку спецыялістаў. Пад яго кіраўніцтвам і ў рамках ваенна-навуковай школы створана сістэма мадэлявання для ацэнкі эфектыўнасці групоўкі Ваенна-паветраных сіл і войскаў супрацьпаветранай абароны «Свіслач-1», якая прынята на забеспячэнне Узброеных Сіл. Сістэма мадэлявання выкарыстоўваецца пры абгрунтаванні сістэмы СПА Рэспублікі Беларусь, у рамках спецыяльных кантрактаў яна набыта шэрагам дзяржаў і  выкарыстоўвалася пры абгрунтаванні сістэмы СПА шэрагу замежных дзяржаў (Венесуэла, Азербайджан, Казахстан). Абіраўся ў прэзідыум Першага з’езда вучоных Рэспублікі Беларусь.

Васілій Міхайлавіч з’яўляецца старшынёй савета Ваеннай акадэміі па абароне кандыдацкіх дысертацый па ваенных навуках, намеснікам старшыні савета Ваеннай акадэміі па абароне доктарскіх дысертацый па тэхнічных навуках. Пад яго кіраўніцтвам абаронена 11 кандыдацкіх дысертацый, зараз ён кіруе навуковымі даследаваннямі чатырох беларускіх і чатырох суіскальнікаў вучонай ступені кандыдата ваенных навук для ўзброеных сіл Туркменістана. Акрамя таго, ён галоўны рэдактар зборніка навуковых артыкулаў Ваеннай акадэміі, член рэдакцыйнай калегіі часопіса “Навука і ваенная бяспека”, член рэдакцыйнай калегіі часопіса “Сардар” (Рэспубліка Казахстан).

Расказаць больш падрабязна пра багаты на падзеі лёс навукоўца, асобы і чалавека дапамогуць копіі фотаздымкаў, падораныя будучаму музею Бярэзіншчыны разам з асабістымі рэчамі: фуражкай, пагонамі палкоўніка, чарнільнай ручкай, якой напісаны дзве дысертацыі, граматамі за перамогу на раённых алімпіядах і іншымі дакументамі.

Беражна захоўваюцца старыя фотапартрэты дзеда Васіля, у гонар якога назвалі майго суразмоўцу, бабулі Маланні, роднага дзядзькі Рыгора, які загінуў пад Ленінградам у 1942 г., матулі Ніны Васільеўны, таты Міхаіла Паўлавіча, ветэрана Вялікай Айчыннай вайны (артыкул пра яго жыццё «Трудно это вспоминать, но почетно” М.Абазовіка апублікаваны на старонках раённай газеты за 8 ліпеня 2017 г.), фотаздымкі брата і сясцёр, якія сталі паважанымі і дастойныімі людзьмі. Праз усё жыццё ўдзячны Васілій Міхайлавіч сваім бацькам за руплівую працу дзеля сямейнага дабрабыту і паўсядзённы клопат за сваіх дзяцей, за тое, што вывучылі і  выхавалі, сталі прыкладам таго, як трэба сумленна жыць і працаваць. Пад фотапартрэтам Ніны Васільеўны шчымлівы подпіс, зразумелы кожнаму, хто страціў сваю матулю назаўжды: “Цеплыня мамінай душы пяшчота рук і яе любоў засталіся ў ва мне на ўсё жыццё! А зараз у душы боль і нейкая пустэльня ад таго, што яе з намі няма!”.

З самага дзяцінства хлопчык Васілій адказна адносіўся да сваіх абавязкаў – добра вучыцца, рабіць урокі, уважліва і дэталёва вывучаць любімыя прадметы фізіку і матэматыку. І зараз праз шмат гадоў Васілій Міхайлавіч бязмежна ўдзячны настаўнікам СШ № 2, дзе ён вучыўся. З замілаваннем узгадвае настаўніцу Махнач Чаславу Паўлаўну, як усхвалявана і пранізліва да сэрца яна чытала вершы на ўроках.  З удзячнасцю называе імя Надзеі Міхайлаўны Тапырык, з вялікай павагай узгадвае прозвішча свайго настаўніка Скрэбунова Рыгора Васільевіча, які быў вельмі строгі і пры гэтым заўсёды справядлівы, часам для навядзення парадку ў класе выкарыстоўваў лінейку, каб супакоіць якога-небудзь парушальніка дысцыпліны (і гэта лічылася дапушчальным “пакараннем” у адрозенне ад дня сённяшняга).

У пазашкольны час Васілій Міхайлавіч працягваў вучыцца, спасцігаць новае, шмат цікавых і карысных ведаў ён атрымаў у Доме піянераў у толькі адкрытым радыёгуртке, кіраўніком якога быў Уладзімір Рубінскі. Школьныя заняткі, хатнія заданні саступалі месца вольнаму баўленню часу. На фотаздымку шчаслівыя хлапчукі з першым “аўто” сям’і – бацькоўскім роварам нямецкай вытворчасці (трафейным), які быў набыты пасля вайны і ўсіх прывабліваў. Стары чорна-белы фотаздымак з групай дзетак розных узростаў выклікае з памяці Васілія Міхайлавіча цёплы красавіцкі дзень 1962 г. – свой дзень нараджэння, адзначаць які сабраліся хлопчыкі і дзяўчаты з суседніх вуліц Камсамольская і Новая (зараз зав. Ленінскі).

А мы далей гартаем старонкі электроннага альбома з подпісамі, поўных дасціпнага гумару, цёплых успамінаў, калі, як адзначае наш зямляк, усмешкі былі шчырыя, непадробныя, без усялякіх англійскіх “сыраў-чызаў” як на фотаздымках розных часоў побач з роднымі, калі, напрыклад, у брата былі модныя нагавіцы з накаленнікамі, ці на мітынгу 7 лістапада 1968 г., прысвечанаму 51-й гадавіне Вялікай Кастрычніцкай сацыялістычнай рэвалюцыі, на старым вакзале, дзе малады юнак Васілій апрануты ў любімую куртку, якую зрэдку апранае і зараз.

Пасля заканчэння школы Васілій Булойчык паступіў у Мінскае вышэйшае інжынернае зенітнае ракетнае вучылішча, якое скончыў у 1975 г., атрымаўшы дыплом з адзнакай, і заняў пасаду малодшага навуковага супрацоўніка навукова-даследчага і выпрабавальнага палігона Масква-400, больш вядомага як Капусцін Яр, дзе ў тыя часы праходзілі выпрабаванні першых савецкіх аўтаматызаваных сістэм кіравання. Першыя дні знаходжання там былі вельмі нязвыклымі для маладой сямейнай пары Булойчыкаў Васіля і Ганны: пасля роднай Беларусі ў зялёнай квецені –  апаленая сонцам зямля, у расколінах. Аднак  менавіта тут, прызнаецца мой суразмоўца, ён адчуў, як сёння кажуць, драйв ад таго, як навуковыя распрацоўкі ўкараняюцца ў жыццё.

Пытлівы розум, шчырая зацікаўленасць працай, якую робіш, імкненне спасцігнуць глыбіні і таямніцы ваеннай навукі былі заўважаны кіраўніцтвам і ён атрымаў слушную параду займацца навуковай дзейнасцю далей. Так пяць гадоў службы на палігоне скончыліся паступленнем у Харкаўскую ваенную інжынерную радыётэхнічную акадэмію супрацьпаветранай абароны імя Маршала Савецкага Саюза Говарава Л.А. на факультэт кіруючага інжынернага складу, пасля заканчэння якой у 1982 г. Васілій Міхайлавіч працягнуў вучобу ў ад’юнктуры. Праз тры гады малады вучоны абараніў кандыдацкую дысертацыю і выкладаў на кафедры ў Харкаве. З самага пачатку ў адносінах да працы, як і да вучобы, у Васілія Міхайлавіча не было абыякавасці, халатнасці, абавязкова – дасканалая падрыхтоўка, арганізаванасць і дысцыпліна, прафесіяналізм, бо, як лічыць Васілій Міхайлавіч, прачытаць лекцыю проста – чытай гатовы тэкст і ўсё, а вось так, каб цябе слухачы зразумелі – для гэтага трэба прыкласці шмат намаганняў.

У 1988 г. перавёўся ў Мінск, у 1991 г. узначаліў кафедру вылічальнай тэхнікі МВІЗРВ, пераўтвораную затым у кафедру інфармацыйна-вылічальных сістэм Ваеннай акадэміі. Як прызнаецца, усё жыццё прайшло ў вучобе. Вучыўся ўсяму неабходнаму, мудраму ў сваіх самых вопытных калег, якім зараз вельмі ўдзячны. Удзячны Васілій Міхайлавіч і лёсу, што звёў з такімі людзьмі, бо кожны з іх – зорка. Назапашванне багатага навуковага досведу адбывалася з неабходнасці і разумення: каб кіраваць калектывам неабходна быць “вышэй” за яго, асабліва ў прафесійным плане. Гэта паслужыла адной з прычын працы над доктарскай дысертацыяй, якую ён абараніў у 2002 г., праз год атрымаў вучонае званне “прафесар”.  Укараняючы ў жыццё свае дасягненні, у 2011 г. Булойчык В.М. стварыў у Ваеннай акадэміі навукова-даследчы цэнтр мадэлявання ваенных дзеянняў, які зараз узначальвае.

Ужо больш за 40 гадоў разам крочыць па жыцці з Васіліем Міхайлавічам жонка Ганна Апалінараўна – гаспадыня дома і сэрца, з якой пазнаёміўся на танцавальным вечары яшчэ ў школьныя часы. Глядзіш на сямейную пару, каханне якой выпрабавана доўгімі гадамі, і разумееш, што захаваць узаемаадносіны дапамаглі сапраўднае каханне, павага і добры гумар. У любві і пяшчоце выраслі дачка і сын і, падрастаюць унукі – радасць і гонар дзядулі і бабулі. Як заўважае мой суразмоўца, у выхаванні галоўнае, каб не было ўседазволенасці, “ліберальнічання”, асабліва ў адносінах да хлопчыкаў, калі неабходна – праявіць строгасць, але пры гэтым заўсёды быць паважлівым да дзіцяці, не зняважыць маленькага чалавека як асобу.

Ствараючы партрэт нашага земляка-навукоўца Васілія Міхайлавіча Булойчыка, трэба адзначыць, што гэта вытрыманы, сціплы і ў той жа час лёгкі і прыемны ў размове чалавек. Ён шчаслівы, калі збіраюцца разам усе прадстаўнікі дынастыі Булойчыкаў са сваімі сем’ямі. У вольны час з задавальненнем глядзіць тэлевізійнае ток-шоу “Народжаныя ў СССР” на канале “Настальгія”, прысвечанае сустрэчам з цікавымі людзьмі. Васілій Міхайлавіч сапраўдны гаспадар, які з радасцю імчыць у выходныя у Беразіно, папрацаваць на зямельным участку, заняцца ўладкаваннем дачы, якую набыў побач з бацькоўскай хатай; наш зямляк, які зрабіў так многа ў навуцы, прайшоў шматлікія навуковыя прыступкі да поспеху, заслужанага прызнання, які і зараз не страчвае свайго запалу жыць, працаваць, дасягаць новых вяршыняў (чаго мы ад душы яму і жадаем!).

Знаёмства з Васіліем Міхайлавічам пераконвае, што для чалавека, захопленага любімай справай, няма межаў для поўнай самарэалізацыі, а настойлівыя прагныя пошукі ў навуцы, неардынарныя творчыя рашэнні пастаўленых задач, упэўненасць у сваіх сілах, актыўная жыццёвая пазіцыя  з’яўляюцца добрай глебай для ўзрастання на ёй Асобы, чыё імя залатымі літарамі застанецца ў памяці многіх пакаленняў, засведчыць, які багаты Бярэзінскі край на цікавых людзей з адметным лёсам – такіх, як Васілій Міхайлавіч Булойчык.

Ждановіч Алена, дырэктар рабочай групы

па стварэнні Бярэзінскага раённага

гісторыка-краязнаўчага музея

0809201712

0809201713

0809201714

Прочитано 642 раз

Информационные ресурсы