Да прафилактычнай акцыі «За бяспеку разам» ў нашым раёне падключаюцца і работнікі Мінскага абласнога ўпраўлення Міністэрства па надзвычайных сітуацыях Беларусі. Так, у аграгарадку Брадзец прайшло сельскае сабранне жыхароў Капланецкага сельвыканкама. Асноўная частка прысутных – маладыя людзі, таму фільм аб гібелі дзяцей “Цана імгнення” прыйшоўся дарэчы. Акрамя таго, жыхары Брадца добра памятаюць пажар, што здарыўся ў весцы 25 снежня 2013 года – тады з-за непатушанай цыгарэты загінулі ў агні адразу трое чалавек…
Першым слова ўзяў старшы інжынер аддзела нагляду і прафілактыкі абласнога ўпраўлення Павел Валер’евіч Урбановіч. Ен расказаў пра прычыны вогненных здарэнняў у нашай краіне, звярнуў увагу на неабходнасць усталявання пажарных апавяшчальнікаў, прадэманстраваў прынцып дзеяння гэтага прыбора. Падчас аповеду першага намесніка начальніка Бярэзінскага РАНС Лагуна А.А. прысутныя даведаліся пра пажары гэтага года ў раёне, а старшыня Капланецкага сельскага выканкама Забаронак Л.В. даволі эмацыянальна прызвала людзей думаць пра вынікі сваіх дзеянняў, паліць смецце па правілах, расказала пра ўзгаранні апошніх гадоў на тэрыторыі сельсавета. Кожны прысутны атрымаў наглядную інфармацыю ад выратавальнікаў – брашуры і памяткі.
Жыць бяспечна – зусім не складана. Самае складанае – змяніць склад мыслення: зразумець нарэшце, што трэба ўзяцца за рамонт печкі, нягледзячы на прыналежнасць дома калгасу. Што пакупка пажарнага апавяшчальніка – гэта ўклад у бяспеку сваіх жа дзяцей – няважна, што жывяце не ў сваім доме… Што курэнне не ў хаце, а на вуліцы павінна стаць жыццевым прынцыпам.
Шмат карыснай інфармацыі пра ўласную бяспеку вы знойдзеце на сайце МНС 112.by
Вольга ДАНЭЙКА, інспектар Бярэзінскага РАНС.

