Калі вы жывяце ў весцы, то, напэўна, бачылі аб’явы аб правядзенні сельскіх сходаў грамадзян. Такія аб’явы размяшчаюцца звычайна на дзвярах магазіна, пошты, клуба, у сельсавеце, школе, касе банка. На сходах выратавальнікі разам са старшыней сельвыканкама, работнікамі міліцыі распавядаюць пра пажары і здарэнні ў раёне, раздаюць памяткі і брашуры, паказваюць павучальныя фільмы. Галоўнае – людзі даведваюцца, чаго нельга рабіць і што зрабіць трэба, каб вогненная бяда не напаткала іх жылле. Шкада, што прыходзіць на сходы нямнога людзей. Нават у вялікіх весках сабраць людзей – вельмі цяжка. Так, сходы праводзяцца часцей за ўсе у 15-16 гадзін, калі многія на працы. Але ж нямала ў весцы і пенсіянераў, непрацуючых людзей, інвалідаў. А гэтыя людзі знаходзяцца ў зоне рызыкі. Асабліва калі яны – адзінокапражываючыя. Праблемы са зрокам, слыхам, памяццю, хваробы паслабляюць іх пільнасць, і менавіта пажылыя людзі вельмі часта гінуць у агні. Што перашкаджае гэтым людзям прыйсці на сход, паслухаць пра “пажарныя справы” ў раёне, задаць пытанні аб набалелым органам улады? Узяць, у канцы канцоў, лістоўкі з парадамі ад пажарнай службы для сябе, для дзяцей, для састарэлага суседа альбо выпівохі з дому насупраць?..
Запрашаем усіх больш актыўна прымаць удзел у рабоце, якую ладзяць раённыя выратавальнікі. Уваход – заўжды бясплатны!
Вольга ДАНЭЙКА, инспектар прапаганды Бярэзинскага РАНС

