У разгар акцыі ратавальнікаў «Бяспечны новы год!» актывісты клуба «Сірэна» Цэнтра дзіцячай творчасці Бярэзінскага раёна не толькі “падцягвалі” вучобу напрыканцы чвэрці, але і дапамагалі афіцэрам аддзела па надзвычайных сітуацыях у важнай справе - прапагандзе бяспечных паводзінаў у святы. Хлопцы і дзяўчаты падрыхтавалі цэлую навучальную праграму і ў апошнія дні адыходзячага года выступілі з ей у ДУА “Сярэдняя школа №2 г.Беразіно” і “Багушэвіцкі вучэбна-педагагічны комплекс дзіцячы сад-сярэдняя школа”. Пазнаёміцца юныя ратавальнікі вырашылі з дапамогай песні і танцаў, затым разыгралі спектакль з удзелам Нязнайкі, які абяцае ўсім весялосць і свята... Пасля таго, як узарвуць разам з ім петарду... Дзеці патлумачылі хулігану, чым гэта можа скончыцца і правялі для гледачоў віктарыну па бяспечных паводзінах у навагоднія святы, паказалі мультфільм, разыгралі падарункі ад выратавальнікаў. Але гэта яшчэ не ўсё! Клуб юных выратавальнікаў Багушэвіцкай школы “Праметэй” таксама вітаў нас выступленнем, пасля чаго ўсе яго ўдзельнікі атрымалі пасведчанні члена Беларускай маладзёжнай грамадскай арганізацыі выратавальнікаў-пажарных.
Выратавальнікі нагадваюць, што падчас выкарыстання піратэхнікі дзясяткі людзей у нашай краіне штогод атрымліваюць апекі і больш цяжкія траўмы. Есць выпадкі і гібелі людзей ад разрыву піратэхнічных вырабаў. Па дадзеных УЗ “Бярэзінская ЦРБ”, за перыяд 25.12.2016-03.01.2017 года ў прыёмны пакой установы людзей з траўмамі ад піратэхнікі не паступала. На шчасце.
Сачыце за забавамі вашых дзяцей, самі паказвайце прыклад бяспечных паводзінаў. Ніколі не запускайце піратэхніку, калі ўважліва не пачыталі інструкцыю па яе прымяненні!
Вольга ДАНЭЙКА, інспектар прапаганды Бярэзінскага РАНС

