Летні ж дзень, як кажуць у народзе, год корміць. Нарыхтоўка грубых кармоў і сельгаскультур, зернеўборка – гэтыя работы зараз маюць статус найважнейшых на дзяржаўным узроўні. Крайне важна, каб яны прайшлі без надзвычайных здарэнняў. Аснашчанасць камбайнаў гаручымі матэрыяламі і патэнцыяльнымі крыніцамі запальвання робяць ўборачныя работы аднымі з найбольш пажаранебяспечных. Таму людзі, што на іх працуюць, павінны мець трывалыя веды пра абслугоўванне тэхнікі і алгарытм дзеянняў пры ўзгаранні. Разам з працаўнікамі палёў свой уклад у працэс нарыхтоўкі хлеба ўносяць і работнікі Бярэзінскага раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях. Так, першы намеснік начальніка райаддела па надзвычайных сітуацыях Аляксандр Лагун правёў лекцыю для работнікаў ААТ “Пагосцкі”, праверыў укамплектаванасць камбайнаў сродкамі пажаратушэння. Гэткая ж работа праводзіцца і ў іншых гаспадарках раёна. Кіраўнікі сельгаспрадпрыемстваў павінны ведаць: неабходна поўнасцю ўкамплектаваць сродкамі пажаратушэння ўсю тэхніку, занятую на ўборцы. Гэта дазволіць ліквідаваць узгаранне дарагой машыны на пачатковай стадыі і не дапусціць вялікіх матэрыяльных страт. У месцах уборкі збожжавых павінна быць арганізавана дзяжурства пажарнай аварыйна-выратавальнай альбо прыстасаванай для тушэння пажару тэхнікі, трактара, абсталяванага плугам.
МНС нагадвае: камбайнеры і іх памочнікі павінны пільна сачыць за тэхнічным станам машын і механізмаў, спраўным станам сродкаў пажаратушэння. Усе камбайны павінны быць абсталяванымі не менш чым двума спраўнымі парашковымі вогнетушыцелямі ОП-8, двума штыкавымі рыдлёўкамі, двума швабрамі для тушэння іржышча, проціпажарным палатном (кашмой) 1,5х1,5м, выпускныя трубы рухавікоў павінны мець спраўныя іскрагасільнікі. Усе работнікі павінны ведаць, што рабіць пры ўзгаранні: пазваніць па тэлефоне 101 і паведаміць пра пажар, прыняць меры па тушэнні агню падручнымі сродкамі. Пра ўсе гэта нагадаюць ратавальнікі падчас навучання па пажарна-тэхнічным мінімуме. Дарэчы, талон аб праходжанні такога навучання павінен быць у кожнага занятага на ўборцы аграрыя.
Вольга Данэйка, інспектар прапаганды Бярэзінскага РАНС

