Адрес:
223311, Минская обл.,
г.Березино, ул. Октябрьская, 18
Телефон:+375 (1715) 5-58-41

 

Пятница, 14 сентября 2018 года, 14:05

“Бярэзінскія лыжкары”

Источник  Соб. Инф.
“Бярэзінскія лыжкары”

8-га верасня 2018 года ў г. Беразіно адбылося IV рэгіянальнае свята-конкурс драўлянай лыжкі “Бярэзінскія лыжкары”.

 Свята творчасці, таленту, майстэрства і натхнення праходзіла ў рамках Года малой Радзімы, з мэтай адраджэння нацыянальнай культурнай спадчыны, папулярызацыі майстэрства вырабу драўляных лыжак.

Вось ужо ў чацвёрты раз наш гасцінны горад прымаў 20 майстроў-лыжкароў з розных куткоў Міншчыны: Бярэзінскага, Вілейскага, Мядзельскага, Стаўбцоўскага і Чэрвеньскага раёнаў, з Мінска, Маладзечна і Віцебска.

Удзельнікі свята-конкурса працягваюць справу нашых продкаў, развіваюць сваё майстэрства, захоўваюць народныя традыцыі і перадаюць іх падрастаючаму пакаленню.

Таму і невыпадкова некаторыя з іх прыехалі разам са сваімі юнымі вучнямі, новымі, цікавымі калекцыямі вырабаў дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва і вялікім жаданнем падзяліцца сваім уменнем з кожным ахвотнікам.

        На працягу трох гадзін жыхары і госці горада мелі магчымасць сачыць за творчай працай майстроў, за тым, як звычайнае паленца ператваралася ў лыжку. Кожны разьбяр стараўся паказаць свой талент, майстэрства і спрыт.

    Кампітэнтнае журы двойчы абышло ўсіх майстроў і нават паспрачалася наконт іх майстэрства, бо кожная вырабленая лыжка была вартая ўзнагароды.

    Адметнай асаблівасцю свята з’явілася выступленне аматарскіх калектываў, якія выкарыстоўваюць лыжкі ў якасці музычных інструментаў.

    На працягу ўсяго конкурсу на сцэнічнай пляцоўцы творчы настрой падтрымлівалі задушэўныя выступленні самадзейных калектываў Мінскай вобласці.

    На свяце дванаццаць лепшых майстроў-лыжкароў атрымалі дыпломы ў розных намінацыях і каштоўныя падарункі. Пачэсны дыплом і Гран-пры конкурсу атрымаў майстар Стаўбцоўскага раёна Леанід Сенька. Кожны ўдзельнік конкурсу на памяць аб сабе падараваў пакою-музею драўлянай лыжкі свой шэдэўр.

    Чацвёртае рэгіянальнае свята-конкурс драўлянай лыжкі “Бярэзінскія лыжкары” адбылося. А гэта значыць, што працягваецца традыцыйнае рамяство. І няхай сабе лыжка сёння ў гаспадарцы адыгрывае невялікую ўтылітарную ролю, але яна радуе ўсіх тым, што рамяство дзядоў нашых захоўваецца.

 

 

Прочитано 77 раз (а)