Падчас навальніцы маланка ўдарыла ў электрычны шчыт ангара для тэхнікі, першымі пачалі гарэць гумавыя шыны. Пад пагрозай знішчэння аказаліся тры камбайны і агрэгаты для тэхнікі. Сітуацыю пагаршаў моцны вецер. Агонь заўважыў вартаўнік, які абыходзіў тэрыторыю. Ён патэлефанаваў выконваючаму абавязкі дырэктара і ў пажарную. Да прыбыцця ратавальнікаў мужчыны разам спрабавалі справіцца з пажарам: добра, што яны дакладна ведалі правілы карыстання вогнетушыцелем. Ратавальнікі аператыўна ліквідавалі пажар, камбайны пашкоджанняў не атрымалі.
Падобныя ўзгаранні цяжка прадбачыць, а тым больш прафілакціраваць. Служба ратавання нагадвае: пры пажары не марудзячы тэлефануйце па нумары 101 ці 112. Што датычыцца дадзенага пажару, то не апошнюю ролю ў выратаванні каштоўнай уборачнай тэхнікі сыграла тое, што работнікі гаспадаркі не разгубіліся і змагаліся з агнем пры дапамозе важнага пярвічнага сродка пажаратушэння – вогнетушыцеля.
Стыхія, што разгулялася ноччу ў мінулую нядзелю, пакінула пасля сябе значны след: вецер часткова зняў шыферны дах з МТФ в.Якшыцы ААТ “Багушэвічы”, пашкоджаны дах і МТФ в.Сяліба ААТ “Месціна”. Без электраэнергіі стыхія пакінула ў тую ноч 38 населеных пунктаў, 8 малочна-таварных фермаў: прычынай сталі паваленыя на лініі электрапередач дрэвы. Работнікі аварыйнай брыгады раённых электрасетак неадкладна прыступалі да аднаўленчых работ.
Вольга Данэйка, інспектар прапаганды Бярэзінскага РАНС

