Адрес:
223311, Минская обл.,
г.Березино, ул. Октябрьская, 18
Телефон:+375 (01715) 5-58-41

Создадим музей вместе

 

Створым музей разам

 http://muzei-berazino.ucoz.org/

"На вяршынях навуковага Алімпу" (да Года навукі)

Мастацкія творы земляка ў дар будучаму музею

У рабочай групе па стварэнні Бярэзінскага раённага гісторыка-краязнаўчага музея адбылася доўгачаканая і радасная падзея: у госці завіталі нашы землякі Віктар Колас з жонкай Зінаідай, якія зараз пражываюць у ЗША. Для будучага музея Бярэзіншчыны вядомы мастак В.Колас перадаў у дар карціны і рэпрадукцыі з выявай горада Беразіно і мясцовых краявідаў. Мастацкія творы земляка значна ўзбагачаюць музейны фонд групы і дазваляюць у сваю чаргу спецыяльна стварыць у базе музейных прадметаў новую калекцыю “Жывапіс”. Таксама папоўніся фонд матэрыяламі, звязанымі з творчай дзейнасцю мастака, сярод якіх альбом “Родны край у памяці мастака” з уласным аўтографам і пажаданнямі бярэзінцам, а таксама прадметамі бытавога прызначэння сям’і Колас-Чарапаха.

1309201701

1309201702

1309201703

1309201704

 

 

0509201701

У рамках Года навукі спецыяльна да Дня ведаў рабочая група па стварэнні Бярэзінскага раённага гісторыка-краязнаўчага музея прэзентавала выставу “Па дарозе ведаў і мараў”, прысвечаную знакамітым навукоўцам-ураджэнцам Бярэзіншчыны. Першымі гасцямі выставы стаў выпускны клас Бярэзінскай гімназіі на чале з класным кіраўніком Т.М.Мілько. Экспанаты, арыгіналы і копіі дакументаў, прадастаўленыя ўвазе наведвальнікаў, раскрываюць перыяды жыцця вядомых вучоных-землякоў. Дарэчы, гэта толькі частка запланаванай буйной выставы “На вяршынях навуковага Алміпу”, падрыхтоўку якой ажыццяўляе рабочая група.

Першая частка выставы – гэта прысвячэнне навукоўцам, якіх ужо няма сярод жывых, якія заслужылі сваёй стараннай і руплівай навуковай дзейнасцю самыя добрыя словы, заслужаную павагу і светлую памяць. Гэтая частка выставы стылізавана пад кабінет вучонага мінулых часоў, дзе на стале самыя неабходныя рэчы, сярод якіх пішучая машынка, пісьмовы  набор для перакіднога календара і ручак, на сцяне – фотаздымкі вучоных П.К.Дзюбайлы, Я.А.Сідаровіча, Р.Л. Старобінца і інш., побач – этажэрка, на паліцах якой матэрыял, звязаны з жыццём і дзейнасцю М.Д.Наскаўца, брата і сястры Прашковічаў. Асобны раздзел мемарыяльнай часткі – гэта даніна глыбокай павагі акадэміку М.А.Барысевічу, на якой прадстаўлены стэнды з фотаздымкамі, кнігі з дароўчымі надпісамі.

Другая частка выставы прысвечана жыццю і дзейнасці В.М.Булойчыка, В.П.Вараб’ёва, М.І.Запрудскага, Р.А.Зінавай, Э.К.Капітонавай, Э.Р.Іофе, І.М.Фурса і інш. Ураджэнцы Бярэзіншчыны, яны з самага дзяцінства, яшчэ школьных часоў назапасілі свае веды, шмат чыталі, а пасля заканчэння школы раз’ехаліся вучыцца, спасцігаць новыя веды, аднак не толькі не разгубілі іх, а наадварот, пашырылі і памножылі; прысвяціўшы сваё жыццё навуцы, напісалі сотні навуковых даследаванняў і зараз не стамляюцца жыць і працаваць, знаходзяцца ў фізічным і ментальным руху. Гэта ідэя сімвалічна ўвасобілася праз форму падарожжа: раскрытыя  чамаданы, вырабленыя ў розныя часы, якія і самі з’яўляюцца экспанатамі, багата напоўніліся любімымі мастацкімі творамі навукоўцаў, уласнымі кнігамі, манаграфіямі. Дапаўняюць аповед пра знакамітых землякоў фотаздымкі, асабістыя дакументы (атэстаты, граматы, дыпломы). Цёплымі словамі пажаданняў, звернутымі да бярэзінцаў, прасякнуты радкі-вытрымкі з лістоў нашых навукоўцаў, якія таксама размешчаны на выставе.

Асобна прадстаўлены ўвазе наведвальнікаў падручнікі савецкіх часоў, часопісы “Навука і жыццё”, “Тэхніка моладзі” і інш., а таксама займальныя заданні-галаваломкі.

Упрыгожвае выставу мастацкая работа Вікторыі Грыбко “Вітаем у Беразіно”, на якой у тэхніцы графікі адлюстраваны бярэзінскі вакзал, месца сустрэч і расстанняў, сімвал жыцця з яго шырокімі магчымасцямі і перспектывамі, якія адкрываюцца перад выхаванцамі школы, сімвал непарушнай сувязі чалавека з яго малой радзімай.

Напрыканцы выставы-падарожжа ўважлівыя слухачы, хлопцы і дзяўчаты з 11 класа, прыемна і радасна ўзрушыліся, калі яны раскрылі чароўны чамаданчык шчасця і кожны атрымаў шчаслівы білет у будучыню з прадказаннем. 

 

 

3108201702

3108201701

20 чэрвеня адбылася акцыя-сустрэча "Падарожжа ў мінулае". У госці да супрацоўнікаў рабочай групы па стварэнні музея прыйшлі вучні Бярэзінскай гімназіі, якія адпачываюць у аздараўленчым лагеры з дзённым знаходжаннем "Эрудит". Падчас сустрэчы была прапанавана інтэрактыўная віктарына "Загадкі з беларускай хаткі". У час гульні ўдзельнікі павінны былі не толькі назваць прадметы паўсядзённага побыту нашых продкаў, але і самім прадэманстраваць як канкрэтна выкарыстоўваліся дадзеныя рэчы. Асаблівую кемлівасць і актыўнасць праявіў вучань 7 "А" класа Бурымскі Аляксей. За лічаныя хвіліны ён разабраўся з такім мудрагелістым прыстасаваннем як дрыль і змог прасвярліць з дапамогай яго дзірку.

 

 

“На вяршынях навуковага Алімпу”.

У рамках Года навукі рабочая група па стварэнні Бярэзінскага раённага гісторыка-краязнаўчага музея займаецца падрыхтоўкай выставы “На вяршынях навуковага Алімпу”. На ёй плануецца расказаць пра знакамітых людзей Бярэзіншчыны, якія дасягнулі высокіх вынікаў у навуцы, абаранілі кандыдацкія і доктарскія дысертацыі, атрымалі ганаровыя званні і займаюць адказныя пасады ў прэстыжных ВНУ нашай краіны,  а таксама прадставіць экспанаты з музейнага фонду, прадметы з сямейных архіваў вядомых людзей.  На сённяшні дзень вядуцца перамовы аб супрацоўніцтве з навукоўцамі-землякамі, іх сем’ямі, удакладняюцца звесткі раённай кнігі “Памяць”. Магчыма, Ваша інфармацыя будзе карыснай для адкрыцця новых імёнаў малавядомых землякоў-навукоўцаў. Тады тэлефануйце 5 74 39 альбо пішыце на наш адрас: г.Беразіно, вул. Маладзёжная, 5, паштовую скрыню: Этот адрес электронной почты защищен от спам-ботов. У вас должен быть включен JavaScript для просмотра.Этот адрес электронной почты защищен от спам-ботов. У вас должен быть включен JavaScript для просмотра.">

1 copy copy copy copy copy

Міжнародны дзень музеяў

 

Сёння 18 мая адзначаецца Міжнародны дзень музеяў. У рамках абвешчанай з нагоды свята піяр-акцыі “У пошуках скарбаў” супрацоўнікі рабочай групы па стварэнні Бярэзінскага раённага гісторыка-краязнаўчага музея правялі сустрэчу з працоўным калектывам ДУ “Бярэзінская спецыялізаваная дзіцяча-юнацкая школа алімпійскага рэзерву”, расказалі пра напрамкі дзейнасці, свае здабыткі, запрасілі кожнага да актыўнага ўдзелу ў раённай акцыі “Створым музей разам, альбо Скарбы з гарышча”, імкнучыся заахвоціць кожнага да пошукаў і прадастаўлення экспанатаў. Азнаямляльную частку змяніла забаўляльна-інтэлектуальная. Удзельнікам прапанавалі адказаць на пытанні спецыяльна падрыхтаванай віктарыны па краязнаўству. Ганаровае права называцца найбольш эрудыраваным сярод прысутных атрымаў трэнер школы Булойчык С.В. За правільныя адказы ўдзельнікі атрымалі каляндырыкі. Пакінутыя на памяць установе буклеты, прысвечаныя дзейнасці музея, дазволяць наведвальнікам школы і басейна даведацца пра дзейнасць групы, праверыць свае веды і кемлівасць у спецыяльнай рубрыцы “Віктарына”.

Піяр-акцыя “У пошуках скарбаў” працягнецца.

 

 

"Радыётэхніка савецкай эпохі"
У адной з выставачных залаў Бярэзінскага раённага цэнтра рамёстваў супрацоўнікамі рабочай групы па стварэнні музея арганізавана чарговая выстава, прымеркаваная да Года навукі - "Радыётэхніка савецкай эпохі".
На выставе прадстаўлены некалькі дзесяткаў розных радыёпрыбораў: ад супергетэроідных гучнагаварыцеляў з радыёлямпамі да мініяцюрных транзістарных прыёмнікаў, ад патэфона - да вельмі папулярнай ў канцы 70-х гадоў мінулага стагоддзя радыёлы "Рэкорд 314".
 Выстава будзе цікавая для людзей розных пакаленняў. Дарослыя ўбачаць тут знаёмую з дзяцінства тэхніку, якая мелася практычна ў кожным савецкім доме. Школьнікам і моладзі будзе цікава акунуцца ў гісторыю радыётэхнікі, убачыць "прадзядулю" сучаснага музычнага цэнтра. А яшчэ ёсць магчымасць пачуць гучанне сапраўднай вінілавай пласцінкі і даведацца шмат цікавага.
 
2704201701
2704201702
2704201703

 

“АД ІЛЬНЯНОЙ СЦЯБЛІНКІ ДА ЛЬНЯНОГА ПАЛАТНА”

Рабочая група па стварэнні раённага гісторыкакраязнаўчага музея нагадала аб сабе чарговай выставай “Ад ільняной сцяблінкі да льнянога палатна”. Наладжана яна ў нядаўна адрамантаваным пакоі цэнтра рамёстваў, дзе размясціліся каля 70 экспанатаў на льняную тэму. Усе яны сабраны на тэрыторыі раёна і прадстаўляюць поўны працэс вырошчвання і апрацоўкі льну.

Цяжка паверыць, аднак лён самая старажытная расліна Еўропы і Азіі, бо мае амаль 9000­гадовую гісторыю. Славянскія народы таксама аддавалі перавагу вопратцы з гэтай культуры. Па дадзеных археалогіі, на тэрыторыі Беларусі культура стала вядома ў ІІ стагоддзі да нашай эры, а шырокае выкарыстанне займела ў ХІХІІ стагоддзях. Яшчэ ў мінулым стагоддзі лён вырошчвалі практычна ў кожнай сялянскай сям’і, і кожны гаспадар павінен быў мець у сваёй хатняй гаспадарцы цэлы набор прылад для яго вырошчвання і апрацоўкі.

Так, сеялі лён 21 мая (па старым стылі) ў дзень Алёны–льняніцы ў цёплую, вільготную зямлю. Культура хутка набірала рост. Народная прыкмета сцвярджае: “Лён два тыдні квітнее, чатыры тыдні спее, на сёмы – насенне ляціць”. Выцерабіць яго патрабавалася да свята Успення – да канца жніўня. У гэты час снапы радамі расстаўляліся на сялянскіх палетках для сушкі. Даўней лічылі, што лён “вылежваўся” ад расы. Жанчыны развязвалі снапы і рассцілалі яго радамі тонкім пластом па зямлі. Жнівеньскія начныя росы і вераснёўскія дажджы мачылі лён на працягу 34 тыдняў. Гаспадыні збіралі яго, зноў звязвалі ў невялікія снапы, пасля везлі сушыць. Затым снапы ўкладваліся на падлогу гумна і драўлянымі брусочкамі іх білі па льняных галоўках. Сухія сцяблінкі льну (трасты) мялі на спецыяльных прыстасаваннях – мялках. Змяты лён неабходна было ачысціць ад рэшткаў кастрыцы. І тут не было роўных спрытным жаночым рукам: левай – трымалі пучок расліны, а правай – білі па ім тонкім рубам драўлянай прылады, якая называецца трапло. Ачос у дзве стадыі таксама рабілі жанчыны: ачос буйной жалезнай шчоткай дазваляў мець валакно самага нізкага гатунку, а ачос дробнай шчоткай, вырабленай са шчаціны, забяспечваў валакно сярэдняй якасці.

Затым надыходзіў час прадзення альбо пераўтварэння валакна ў нітку. Ён прыпадаў на лістапад і цягнуўся да сакавіка. Традыцыйна гэтым займаліся жанчыны ва ўсе дні тыдня, акрамя свят і нядзель, калі яны маглі адпачыць ад цяжкай працы. Прыладамі прадзення служылі прасніца, верацяно і калаўрот, вырабленыя з дрэва. Пражу з верацён перамотвалі на матавіла, лічачы і перавязваючы ніткі. Майстры ткалі на ручным ткацкім станку, які называецца кроснамі. Вышэйназваныя прадметы займалі пачэснае месца на выставе.

Яшчэ са старадаўніх часоў сяляне вызначылі вартасці льняной тканіны, дзе натуральнасць і экалагічнасць цесна перамяжоўваюцца з высокай цеплаправоднасцю, паветрапранікальнасцю і гіграскапічнасцю. Ведалі нашы продкі і пра лячэбныя якасці тканіны. Лён выдатны антысептык. Падкупляла зробленая сваімі рукамі тканіна простых людзей зносаўстойлівасцю і трываласцю. Сёння ж спецыялісты сцвярджаюць, што лён валодае здольнасцю гасіць электрамагнітныя хвалі, выпраменьванне бытавых і прамысловых прыбораў, а льняная кашуля павінна стаць уніформай для тых, хто працуе за камп’ютарам. Хутчэй за ўсё сяляне здагадваліся аб гэтых якасцях льняной тканіны, бо апраналі вопратку з яе ў будні і святы, шырока выкарыстоўвалі ў быце і нават актыўна пашыралі з яе дапамогай дэкаратыўнапрыкладное мастацтва.

Напэўна таму вырабы з ільну пачынаюць выставу. Тут шырока прадстаўлены як вышываныя доўгія ручнікі з нацыянальным узорам, так і самая розная мужчынская і жаночая вопратка, пашытая ўручную. Асабліва супрацоўнікі групы па стварэнні гісторыкакраязнаўчага музея вызначаюць саматканую паўсядзённую кашулю нашага славутага земляка Янкі Цвіка. А падарыла яго будучаму музею былы бібліятэкар вёскі Каменны Барок. Аднак вопраткай і ручнікамі нікога не здзівіш, таму варта звярнуць увагу на такую цікавую рэч, як трапкач. Выраблены з ільняной тканіны, ён выкарыстоўваўся сялянамі для пераносу пэўных рэчаў і… хатняга выхавання дзяцей. Знайшоўся гэты ўнікальны экспанат у вёсцы Божына, а зроблены ён аж у пачатку мінулага стагоддзя.

Сёння лён не вырошчваецца на сялянскіх падворках, не сустрэць яго і ў гаспадарках раёна, ­ зазначае дырэктар рабочай групы па стварэнні гісторыка–краязнаўчага музея Марына Рыгораўна Лабковіч. Крыўдна, але не кожны з нас ужо здольны ўспомніць гэту расліну з блакітнымі кветкамі, якая некалі ўпрыгожвала палеткі і з’яўлялася нацыянальным багаццем беларусаў. Нагадваюць аб слаўных часах росквіту льну драўляныя прылады для апрацоўкі, якія яшчэ дваццаць гадоў таму можна было пабачыць у руках бабуль. Багаты выбар іх прадстаўлены на выставе – грэбні, часалкі. пранікі, чаўнакі, а захаваліся яны да нашых часоў, дзякуючы старанням бярэзінскіх педагогаў, якія пасля закрыцця школ перадалі іх будучаму музею. Унікальны ткацкі станок трапіў да нас з былой Мачаскай школы, дзе яго беражліва захоўвала настаўніца.

Па словах супрацоўнікаў музея, новая выстава будзе цікавай не толькі для школьнікаў, але і дарослых, якія яшчэ раз могуць дакрануцца да свайго дзяцінства і ўспомніць бабуль і матуль, якія выхоўвалі іх і расказвалі казкі пад шум калаўрота альбо ткацкага станка, пад народныя спевы вучылі вышываць на льняной тканіне.

Магчыма гэта выстава прымусіць іх яшчэ раз перагледзець гарышчы і хляўчукі ў бацькоўскіх сядзібах і перадаць будучаму музею старадаўнія рэчы, каб гісторыя льну зусім не знікла. Будзем вельмі рады вашым знаходкам, гаворыць Марына Рыгораўна сваім наведвальнікам.

 


З нядаўняга часу, дзякуючы намаганням начальніка аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Бярэзінскага райвыканкама Сакалоўскай Г.А., галоўнага спецыяліста па культуры Маеўскай Н.М., адкрыта рабочая група па стварэнні гісторыка-краязнаўчага музея ў нашым горадзе. За апошнія 10-15 гадоў размова пра неабходнасць музея ўзнікала неаднойчы. Нястомны краязнаўца, улюблёны ў гісторыю роднага краю Ігар Леанідавіч Жукоўскі доўгія гады збірае экспанаты, назапашвае цікавыя матэрыялы, працуе над артыкуламі.

Напрыканцы жніўня скарбонка будучага музея папоўнілася чарговымі прадметамі даўніны. Ганна Васільеўна Цэдрык і яе матуля Марыя Данілаўна з в. Міластава падарылі шэраг цікавых экспанатаў. Сярод іх: саматканыя посцілкі, пастка на пацукоў і тхара, люлька, абручнік – спецыяльны інструмент для падцягвання абручоў пры вырабе бочкі. Гэтыя і іншыя экспанаты сталі асновай для стварэння выставы “Родная хата дзівосамі багата”, убачыць якую можна ў будынку былых пачатковых класаў гімназіі (вул. Маладзёжная, 5). Першымі яе наведвальнікамі сталі школьнікі 9-х класаў гімназіі, для якіх першы ўрок новага навучальнага года прайшоў у пакоі-музеі драўлянай лыжкі.

Праца па стварэнні музея, будучых экспазіцый каласальная. Далейшае камплектаванне фонда, навуковае апісанне прадметаў, рамонт будынка, выпрацоўка навуковай канцэпцыі і тэматычнай структуры музея, афармленне экспазіцыйных залаў – справа не аднаго дня. Але за яе адважыліся ўзяцца, бо сёння, як і раней, многія добра разумеюць, што музей у раёне – гэта паказчык культурнага развіцця рэгіёна, магчымасць актыўнага ўздзеяння на светапогляд падрастаючага пакалення, выхавання ў бярэзінцаў пачуцця шчымлівага гонару за родны куточак, багаты на адметныя гістарычныя падзеі і цікавых людзей.

Стварэнне музея патрабуе значных грашовых выдаткаў, напружання сіл і, канечне ж, жадання. Адзінае, што пакуль перашкаджае працы, гэта нядобрасумленнасць людзей, якія, прыкрываючыся “ліпавымі” пасведчаннямі неіснуючых музеяў, збіраюць у нашым раёне экспанаты. Уваходзячы ў давер людзей, яны забіраюць каштоўныя прадметы, матэрыялы, абяцаючы, што такім чынам папаўняецца фонд музея. Дакументы, рэчы, проданыя часцей за ўсё за невялікія грошы ці аддадзеныя ў якасці падарунка невядома каму, насамрэч папаўняюць прыватныя калекцыі, абагачаюць прыватных асоб і становяцца страчанымі для многіх будучых пакаленняў. Таму паведамляем: адказнымі за збор экспанатаў у раёне для будучага гісторыка-краязнаўчага музея прызначаны супрацоўнікі рабочай групы Жукоўскі Ігар Леанідавіч і Ждановіч Алена Якаўлеўна.

Звяртаемся да жыхароў раёна далучыцца да раённай акцыі “Створым музей разам, альбо Скарбы з гарышча” і заклікаем усіх, хто неабыякавы да роднай культуры, спадчыны, жадае, каб каштоўныя рэчы хатняга побыту, дакументы мінулых часоў не згубіліся, перадаць іх у фонд будучага раённага музея, каб яны сталі неад’емнай часткай гісторыі Бярэзінскага краю, захавалі для нашчадкаў памяць пра землякоў. Звяртаецеся да супрацоўнікаў рабочай групы, якая знаходзіцца па адрасе: вул. Маладзёжная, 5 ці тэлефануйце: 5 54 34 (аддзел ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі), 80295527788 (І.Л.Жукоўскі), 80296772896 (А.Я.Ждановіч). Створым музей разам!

 

«Воінскі подзвіг землякоў: ад Георгіеўскіх кавалераў – да кавалераў ордэна Славы Вялікай Айчыннай вайны»

9 мая 2014 г. у будынку будучага музея адкрыта зала воінскай славы, у якой разгорнута выстава "Воінскі подзвіг землякоў: ад Георгіеўскіх кавалераў да кавалераў ордэна Славы". Яна прымеркавана да 100-годдзя з пачатку першай сусветнай вайны і святкавання 70-годдзя з дня вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Наведвальнікі выставы змогуць даведацца пра гісторыю ўзнікнення ўзнагарод: Георгіеўскіх крыжоў і ордэна Славы; пра герояў дзвюх войнаў -- ураджэнцаў і жыхароў Бярэзіншчыны, якія мужна абаранялі Радзіму і атрымалі за геройскі ўчынак на вайне ганаровыя ўзнагароды. Акрамя гэтага, тут прадстаўлены каштоўныя фотаздымкі, рэчы ваенных часоў.

Кола школьных дзён

На працягу верасня-кастрычніка ў былым памяшканні пачатковых класаў гімназіі (вул. Маладзёжная, 5) рабочай групай па стварэнні гісторыка-краязнаўчага музея наладжана выстава “Кола школьных дзён”. 2 гады таму такая выстава дзейнічала ў пакоі-музеі драўлянай лыжкі: некалькі дзясяткаў вучняў СШ № 2 г.Беразіно мелі магчымасць зазірнуць у мінулае і даведацца пра развіццё школьнай справы на тэрыторыі Бярэзінскага раёна.

Сёлетнім наведвальнікам выставы будзе прапанавана не менш цікавае падарожжа. Гістарычныя звесткі пра жыццё школьнікаў ў даўнейшыя часы, у перыяд адкрыцця на Бярэзіншчыне так званых народных вучылішчаў з пазіцыі дня сённяшняга па-сапраўднаму здзіўляюць і здаюцца неверагоднымі. Пераважная большасць сялянскіх дзяцей не мела магчымасці вучыцца. Галоўныя прычыны гэтага – беднасць сялян, рэдкая сетка школ, іх аддаленасць ад многіх сельскіх паселішчаў. Народныя вучылішчы звычайна туліліся ў цесных памяшканнях, нярэдка не маглі змясціць усіх жадаючых. Вучням пешшу даводзілася дабірацца ў вучылішча і дамоў прыкладна за 5 і больш вёрст, бо, зразумела, пра цэнтралізаваны падвоз дзяцей да школ размовы не ішло.

Па ўспамінах вучня Багушэвіцкай школы, змешчаных у раённай кнізе “Памяць”, у пачатку ХХ ст. у школе дзеці вучыліся, елі і адпачывалі. У навучальнай установе не было заняткаў фізкультуры, ніякіх гурткоў і гульняў, такіх як шашкі, шахматы. У вольны час выходзіць за агароджу школы можна было толькі з дазволу дзяжурнага настаўніка. Увесь навучальны год сачылі за выкананнем рэлігійных пастоў. Харчаванне было сціплае і аднастайнае. Кавалачак жытняга (аржанога) хлеба, чатыры кавалачкі цукру, гарбата раніцай і вечарам, удзень – капуста з грыбамі, прасяная каша з алеем і кавалачак селядца – гэта ў посныя дні (90 дзён у год пост, акрамя пастоў – кожную сераду і пятніцу), а ў скаромныя дні – зацірка з пшанічнай мукі з салам раніцай і увечары, а ўдзень – боршч з крышаным мясам, прасяная каша з салам і кавалачак хлеба. За харчаванне аднаго вучня трэба было плаціць 45 рублей за навучальны год. На гэтыя грошы трэба было з гаспадаркі прадаць 2 каровы ці 2 кабаны! Плата была вельмі вялікая: сям’я з 6 чалавек (тата, маці, два браты, дзве сястры) працавалі круглы год, каб пракарміць аднаго вучня.

Унікальныя дакументы (падручнікі і дакументы – пасведчанні аб заканчэнні школы, атэстаты сталасці, ведамасці, пахвальныя граматы, сшыткі і інш), прадстаўленыя на выставе, ахопліваюць цэлае стагоддзе і даюць выразнае ўяўленне пра змены, якія адбываліся ў краіне з канца ХІХ ст., сведчаць пра змяненні правапісу, гербаў на пячатках, сістэмы адзнак і нават зместу задачак па матэматыцы. Так, у пачатку ХХ ст. асноўныя вобразы задачак па матэматыцы – заможныя купцы, паны, землеўладальнікі, сяляне, цары. У канцы ХХ ст. сацыяльны статус людзей іншы: героямі часу і матэматычных прыкладаў сталі працоўныя, служачыя, аўтатурысты, піянеры і інш. Самыя разумныя і дасціпныя змогуць паспрабаваць знайсці адказ на задачку, над вырашэннем якой думалі яшчэ ў пачатку ХХ ст. пач.: “Помещик имел луг длиною в 300 саж. и шириною в 192 саж.; с каждой десятины луга он накосил по 325 пуд. сена и все сено продал. Сколько денег выручил помещик, если четвертую часть собранного сена он продал по 75 коп. за пуд, а остальное сено – по 70 коп?” або “Уложение Царя Алексея Михайловича было обнародовано 29 января 1649 года, а Судебные Уставы Императора Александра ІІ – через 215 лет 9 мес. 22 дня. Когда были обнародованы Судебные Уставы Императора Александра ІІ”.

З фотаздымкаў мінулых часоў паўстаюць школьнікі, прыгожа апранутыя, з кветкамі, радаснай усмешкай і шчырай надзеяй у сэрцы на тое, што першая настаўніца будзе абавязкова добрай і лагоднай, побач – заўсёды самыя надзейныя і верныя школьныя сябры, а ў дзённіку будуць валадарыць толькі выдатныя адзнакі… Менавіта такія адучанні агортваюць, калі ўважліва ўглядаешся ў старыя фотаздымкі з выявамі дзяўчат і хлопчыкаў, якія даўно скончылі школу.

Наведвальнікі выставы даведаюцца не толькі пра школьныя рэчы розных часоў, але і ўбачуць, чым захаплялася ранейшае пакаленне школьнікаў – зборам марак, значкоў, паштовак, стануць удзельнікамі старажытных беларускіх дзіцячых гульняў.

На выставе сённяшнія вучні даведаюцца шмат новага і цікавага, пашыраць свой кругагляд, пры гэтым дарослыя здолеюць апынуцца ў сваім маленстве, адчуць неверагоднае дэжавю, на некалькі хвілінак уявіць сябе маленькімі шкалярамі ў натоўпе шумных і прыгожых першаклашак, закружыцца ў коле школьных дзён… Запрашаем на выставу!








Прочитано 1246 раз (а) Последнее изменение: 13.09.2017